прыродны краявід Палесся

На Палессі адначасова паводка і пажары: што адбываецца ў розных частках рэгіёна

12.03.2026 17:05 Прыпяцкае Палессе. Ілюстрацыйнае фота. Источник фото

У розных частках Палесся адначасова адбываюцца супрацьлеглыя з’явы: паводка і пажары. BGmedia папрасіла эколага растлумачыць, чаму так адбываецца.
Читайте BGmedia в:

На Палессі сёлета назіраецца даволі незвычайная сітуацыя. У той час як у адной частцы рэгіёна толькі пачынаецца паводка, у другой ужо фіксуюць пажары ў прыродных экасістэмах.

Чытайце таксама: Пінск стаў самым цёплым: у Беларусі абнавіліся новыя тэмпературныя рэкорды

Як адзначае медыя «Флагшток», гэтую з’яву добра відаць нават на спадарожнікавых здымках NASA. Паводле іх, большая частка Гомельскай вобласці ўсё яшчэ застаецца пад снегам, тады як у Брэсцкай вобласці снежны покрыў знік прыкладна два тыдні таму.

снимок Полесья с космоса
Мапа NASA. Скрыншот «Флагшток»

На захадзе беларускага і ўкраінскага Палесся ўжо фіксуюцца буйныя пажары ў экасістэмах. Пра ўзгаранні сухой расліннасці паведамляе, у прыватнасці, Жытомірскае аддзяленне Дзяржаўнай службы Украіны па надзвычайных сітуацыях. Паводле іх дадзеных, 10 сакавіка агонь ахапіў каля аднаго гектара тэрыторыі, а моцны вецер спрыяў распаўсюджванню полымя.

Падобныя выпадкі адбываюцца і ў самой Беларусі. У прыватнасці, гарэў Спораўскі заказнік, які знаходзіцца адразу на тэрыторыі некалькіх раёнаў Брэсцкай вобласці — Бярозаўскага, Драгічынскага і Івацэвіцкага.

Тым часам на ўсходзе Палесся сітуацыя іншая. У Петрыкаўскім раёне Гомельскай вобласці ўжо зафіксавалі першы выпадак падтаплення паводкавымі водамі. Вада выйшла на ўчастак аўтадарогі Лучыцы — Хвойня з-за павышэння ўзроўню ў рацэ Пціч. Працягласць падтопленага адрэзка складае каля 100 метраў, а глыбіня вады — да 10 сантыметраў.

Чытайце таксама: МЧС заявляет об отсутствии серьезных паводков, но жители продолжают жаловаться на подтопления

Чаму ў адным рэгіёне адначасова паводка і пажары

Каб зразумець, чаму ў розных частках Палесся ўзнік такі рэзкі кантраст у надвор’і і прыродных працэсах, BGmedia звярнулася па каментар да эколага, кандыдата геаграфічных навук Ганны Скрыган.

Паводле яе слоў, у пачатку вясны падобныя сітуацыі для Беларусі ў цэлым не з’яўляюцца нечым выключным.

«У сакавіку 2026 года мы бачым сітуацыю, калі надвор’е ў Беларусі фарміруецца рознымі паветранымі масамі. У гэты час цёплае паветра часта паступае з заходняй Еўропы і Атлантыкі. Таму заходнія рэгіёны краіны, у тым ліку Брэсцкае Палессе, аказваюцца пад уплывам гэтага цяплейшага паветра раней», — тлумачыць яна.

замерзшее озеро
Паводка ў Гомельскай вобласці. Фота: sb.by

У той жа час усход і паўднёвы ўсход Беларусі могуць яшчэ некаторы час заставацца пад уздзеяннем больш халодных кантынентальных паветраных мас.

«Калі паміж гэтымі масамі праходзіць атмасферны фронт, тэмпература на адносна невялікай тэрыторыі можа адрознівацца вельмі істотна», — адзначае экспертка.

Чытайце таксама: Ці варта беларусам хвалявацца праз змены клімату? Адказвае эколаг

Акрамя таго, на надвор’е ўплываюць і асаблівасці самога Палесся — вялікая колькасць балот, вадаёмаў і адкрыты рэльеф. У пачатку вясны яны могуць як узмацняць начное выхалоджванне, так і запавольваць праграванне паветра.

Паводле Ганны Скрыган, падобныя кантрасты назіраліся і раней. Напрыканцы зімы і ў пачатку вясны надвор’е ў Беларусі часта бывае няўстойлівым, таму ў межах адной краіны могуць сутыкацца розныя паветраныя масы.

Экспертка таксама звяртае ўвагу, што апошнія тэмпературныя рэкорды могуць сведчыць пра больш шырокую тэндэнцыю.

«Тэмпературныя рэкорды самі па сабе не азначаюць, што клімат радыкальна змяніўся за адзін сезон. Але калі мы бачым, што яны адбываюцца ўсё часцей, гэта ўжо сігнал пра больш шырокую тэндэнцыю», — кажа яна.

Эколаг сцвярджае, што ў Беларусі, як і ў многіх рэгіёнах Еўропы, назіраецца паступовае пацяпленне клімату, а надвор’е становіцца больш зменлівым. Гэта азначае, што рэзкія скачкі тэмпературы могуць адбывацца часцей, у тым ліку ўжо ў канцы зімы або ў пачатку вясны.

На думку эксперткі, у такіх умовах людзям варта больш уважліва сачыць за прагнозамі надвор’я і гнутка планаваць паўсядзённыя справы — асабліва ў пераходныя сезоны, калі надвор’е можа мяняцца вельмі хутка.

Чытайце таксама: «Дрэвы пасадзілі, цяпер засталося траву пафарбаваць». У Мінску абурыліся пасадкай дрэваў у мёрзлую зямлю

Будь на связи и в безопасности: подключи BGlobal VPN

Наш канал в Telegram. Присоединяйтесь!

Есть о чем рассказать? Пишите в наш Telegram-бот. Это анонимно и быстро

Eсли вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: