собака в клетке

Валанцёрка з Лельчыцаў ратавала шчанюкоў ад адлову камунальных службаў

22.03.2026 06:00 Ілюстрацыйнае фота. Источник фото

У Лельчыцкім раёне валанцёрка выратавала шчанюкоў ад адлову. Сітуацыя ў чарговы раз узняла пытанне пра стаўленне да бяздомных жывёлаў у Беларусі.
Читайте BGmedia в:

Жыхарка Лельчыцкага раёна, якая займаецца валанцёрскай дапамогай бяздомным жывёлам, падзялілася гісторыяй ратавання шчанюкоў. Жанчына ўваходзіць у валанцёрскі рух па дапамозе жывёлам «Эльза» і ўжо доўгі час займаецца тым, што знаходзіць для кінутых сабак ператрымку або новы дом.

Чытайце таксама: В Слонимском районе к известной волонтерке без предупреждения пришли посчитать собак, которых она содержит за свой счет

Паводле словаў валанцёркі, яна разам з мужам збіралася забраць маленькіх шчанюкоў разам з іх маці ў вёсцы Ручное Лельчыцкага раёна. Аднак, калі яны прыбылі на месца, высветлілася, што сабак ужо забралі супрацоўнікі адлову.

щенки в кузове автомобиля
Шчанюкі, якіх ратавалі ў Лельчыцах. Скрыншот з выдаленага відэа ў TikTok

Валанцёрка зняла відэа, у якім паказала, як жывёл вывозяць у кузаве грузавіка ў невядомым напрамку. На яе думку, шчанюкоў маглі збірацца ўсыпіць. Яна таксама сцвярджала, што супрацоўнікі адлову стрэлілі ў маці шчанюкоў, але не трапілі.

Падчас здымкі відэа жанчына звярталася да супрацоўнікаў і спрабавала высветліць, куды вязуць сабак. Паводле яе слоў, дакладнага адказу яна не атрымала. У выніку, пасля размовы, ёй разам з мужам удалося дамагчыся таго, каб забраць шчанюкоў.

Відэа хутка набрала шмат праглядаў, каментароў і падабаек. Людзі дзякавалі валанцёрцы за дапамогу жывёлам і падтрымлівалі яе ў каментарах. Пазней ролік быў выдалены.

Праз некаторы час жанчына паведаміла, што ўсе сабакі — і шчанюкі, і іх маці — цяпер у бяспецы. «Дарослыя сабакі і маці шчанюкоў жывыя. Дзякуй богу, мы своечасова ўсё паспелі. Людзі, што з вамі адбываецца? Адкуль столькі жорсткасці? Стрэс атрымалі ўсе. І мы, і сабакі», — распавяла яна ў адным з наступных відэа.

@daxiss2309 #бездомныеживотные ♬ Sad — Max-Music

У сваёй вёсцы валанцёрка арганізавала вальер, дзе ўтрымлівае падабраных жывёл. Зараз там знаходзяцца ратаваныя шчанюкі з маці, а таксама іншыя сабакі, якіх раней удалося забраць з вуліцы.

собаки в вольере
Умовы, у якіх жывуць ратаваныя сабакі  ў Лельчыцкім раёне. Скрыншот з відэа ў TikTok

Пасля гэтай гісторыі жанчына заявіла, што збіраецца звярнуцца ў мясцовы сельвыканкам, каб атрымаць дакументы, якія пацвярджаюць рашэнні аб адлове або адстрэле жывёл. Таксама яна плануе звярнуцца ў Лельчыцкі райвыканкам і прапанаваць уладам свае варыянты вырашэння праблемы бяздомных сабак.

Паводле яе словаў, валанцёрам часта складана дапамагаць жывёлам, бо ім «устаўляюць палкі ў колы». Калі ж пытанне не ўдасца вырашыць на мясцовым узроўні, жанчына не выключае звароту ў Адміністрацыю Лукашэнкі.

Валанцёрка таксама адзначыла, што праблема існуе ўжо не адзін год. «ЖКГ проста ладзіць дзікунства. У нас адстрэльваюць сабак на вачах у дзяцей, хаця гэта катэгарычна забаронена законам», — сцвярджае яна.

@daxiss2309 #бездомныеживотные ♬ оригинальный звук — daxiss

На яе думку, валанцёрам з розных рэгіёнаў Беларусі трэба аб’ядноўвацца, каб разам дамагацца зменаў і вырашэння праблемы бяздомных жывёл.

Чытайце таксама: Папулярную тыктокерку з Лунінца, якая ратавала жывёлаў, асудзілі за «садзейнічанне экстрэмізму»

Адлоў замест прытулкаў: чаму сітуацыя з жывёламі ў рэгіёнах абвастраецца

Праблема бяздомных жывёл у Гомельскай вобласці абмяркоўваецца ўжо не першы год. У рэгіёне фактычна няма паўнавартаснай сістэмы дзяржаўных прытулкаў, таму адлоў часта становіцца асноўным спосабам «вырашэння» пытання з безнагляднымі сабакамі і катамі.

Мясцовыя ўлады раней заклікалі жыхароў паведамляць пра бяздомных жывёл у службы адлову. Пры гэтым людзям, якія падкормліваюць сабак або дазваляюць ім знаходзіцца ў падвалах дамоў, могуць пагражаць штрафы — да 20 базавых велічынь.

Собаки, стая, Житковичи
Бяздомныя сабакі ў Жыткавічах. Скрыншот з відэа ў TikTok

Чыноўнікі тлумачаць гэта неабходнасцю захавання санітарных нормаў. Напрыклад, адзначалася, што кармленне жывёл не забаронена законам, але павінна адбывацца з улікам устаноўленых патрабаванняў. Акрамя таго, хаваць жывёл у тэхнічных памяшканнях, падвалах або іншых падобных месцах лічыцца парушэннем.

«Штодзень» са спасылкаў на правааабронцаў сцвярджае, што адлоў у беларускіх рэаліях часта заканчваецца знішчэннем жывёл. Паводле ранейшых ацэнак, толькі ў Гомелі штогод могуць гінуць тысячы сабак і катоў, бо месцаў для іх утрымання фактычна не хапае.

Большасць прытулкаў у краіне — гэта валанцёрскія ініцыятывы. Напрыклад, у Мінску працуе прытулак «Суперкот», а ў Брэсце — цэнтр дапамогі жывёлам «Дабрыня». Але ў рэгіёнах, асабліва ў невялікіх раёнах, такіх магчымасцей значна менш.

З-за гэтага валанцёры часта вымушаныя самастойна шукаць грошы, месцы для ператрымкі і новыя сем’і для ратаваных жывёлаў.

Чытайце таксама: «Дом брестского аиста» под угрозой: кто спасает символ Беларуси и почему центр могут закрыть

Падобныя праблема заўважаюць у іншых гарадах

Сітуацыі, калі валанцёры крытыкуюць працу служб адлову, адбываюцца не толькі ў Гомельскай вобласці. Падобныя спрэчкі ўзнікаюць і ў іншых рэгіёнах краіны.

Напрыклад, валанцёры ў Мінску неаднаразова выказвалі незадаволенасць працай дзяржаўнага прадпрыемства «Фаўна горада», дзе ўтрымліваюць адлоўленых жывёл. Паводле іх слоў, у некаторых выпадках валанцёрам могуць не дазваляць забіраць сабак і катоў, а таксама абмяжоўваць доступ да жывёл. Акрамя таго, людзі звяртаюць увагу на ўмовы ўтрымання жывёл, іх транспарціроўку і недахоп кантролю за тым, як выконваюцца правілы абыходжання з імі.

бездомные собаки в вольере
Бяздомныя сабакі ў вальеры ў «Фаўне горада». Фота: https://egida.by/society/391

Пра праблему гаварылі і ў іншых гарадах. Так, у Магілёве прадстаўнікі дабрачыннага аб’яднання «Надзея» звярталіся да мясцовых уладаў з просьбай перадаць пусты будынак пад прытулак для бяздомных жывёл. У адказ ім параілі шукаць валанцёраў і спонсараў праз інтэрнэт і сацыяльныя сеткі.

Валанцёры адзначаюць, што без сістэмнага рашэння — стварэння сеткі прытулкаў, празрыстай працы службаў адлову і супрацоўніцтва з грамадскімі ініцыятывамі — падобныя гісторыі будуць паўтарацца. І кожны новы выпадак, як у Лельчыцкім раёне, зноў вяртае да пытання пра тое, як у Беларусі ставяцца да бяздомных жывёл і тых, хто спрабуе ім дапамагчы.

Чытайце таксама: Валанцёры паскардзіліся на стаўленне да жывёлаў у дзяржпрадпрыемстве «Фаўна горада»

Будь на связи и в безопасности: подключи BGlobal VPN

Наш канал в Telegram. Присоединяйтесь!

Есть о чем рассказать? Пишите в наш Telegram-бот. Это анонимно и быстро

Eсли вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: